Пра краму

Кансорцыя арганічных гаспадарак

– гэта аб’яднанне арганічных гаспадарак Беларусі (як фермерскіх, так і асабістых). Мы аб’ядналі нашыя сілы ў Кансорцыі і прапаноўваем вам якасныя і смачныя прадукты,карысныя для здароўя і ў шырокім асартыменце. Хочам, каб набываць арганічныя прадукты было зручна. З іншага боку, набываючы прадукты ў нас, вы садзейнічаеце развіццю гаспадарак, якія клапоцяцца пра захаванне біяразнастайнасці і навакольнага асяроддзя.
 
Усе нашыя гаспадаркі праходзяць сертыфікацыю на адпаведнасць арганічным рэгламентам Еўрапейскага Саюзу, а гэта сведчыць, між іншым, пра тое, што бяспечнасць працэссаў вытворчасці мы падцвярджаем падчас штогадовай інспекцыі гаспадарак і такім чынам гарантуем якасць сертыфікаванай арганічнай прадукцыі.

Падчас працы над асартыментам нашай крамы, мы адмыслова адмовіліся ад прадуктаў кшталту вырашчаных “экалагічным спосабам” ці проста “экалагічна чыстых”, што звычайна можна пабачыць ў крамах. Часта гэта не больш, чым асабістае меркаванне вытворцы ці маркетынгавы ход, што зусім не гарантуе якасці ежы. Перш за ўсё мы клапоцімся пра сваіх спажыўцоў і ўпэўненыя, што толькі з дапамогай незалежнай арганічнай сертыфікацыі нашых гаспадарак можам гарантаваць вам адсутнасць у прадуктах рэшткаў хімічных прэпаратаў. Таму для кожнага прадукта ў краме ў раздзеле “дадатковая інфармацыя” вы знойдзеце інфармацыю пра вытворцу і ўнікальны нумар арганізацыі, якая ажыцяўляе сертыфікацыю, (напрыклад, BY-BIO-108) ці спасылку на актуальны сертыфікат гаспадаркі.

Акрамя таго, што мы прытрымліваемся абавязковых патрабаванняў арганічных стандартаў, пры вырошчванні сваёй прадукцыі мы выбіраем такую тэхналогію і такія гатункі культур, якія дазваляюць атрымліваць не проста арганічныя, але і сапраўдна смачныя прадукты. Мы ўпэўненыя, натуральны смак арганічных прадуктаў сведчыць і пра прыродную збалансаванасць арганічнага прадукта, а рэгулярнае спажыццё такіх прадуктаў пойдзе на карысць вам, нашым пакупнікам, і вашым сем’ям.
 

Асартымент крамы і асаблівасці прадуктаў

акрамя арганічных прадуктаў у нас прадаюцца і прадукты пераходнага перыяду. Статус “прадукта пераходнага перыяду” азначае, што гаспадарка нядаўна пачала сертыфікацыю на адпаведнасць арганічным стандартам (што можа займаць да 3-5 гадоў), прытрымліваецца правілаў арганічнай вытворчасці , паспяхова прайшла як мінімум адну інспекцыю і атрымала адпаведны сертыфікат. Гэта не значыць, што ежа горш. Гэта нагадвае пра тое, што крокі да стварэння арганічнай гаспадаркі патрабуюць часу, а вытворца сапраўды зацікаўлены зрабіць усё па правілах. Для некаторых прадуктаў, як, напрыклад, ялавічына ці малочныя вырабы, магчыма сітуацыя, калі прадукт паходзіць з сертыфікаванай гаспадаркі, але не можа называцца арганічным прадуктам ці прадуктам пераходнага перыяду. Гэта тлумачыцца тым, што, напрыклад, перапрацоўка арганічна выгадаванай жывёлы праходзіць на несертыфікаваным мясаперапрацоўчым прадпрыемстве. У такім выпадку для адпаведнага прадукта будзе прыведзена дадатковая інфармацыя.
 
Вас можа здзівіць, што асартымент крамы не такі разнастайны, асабліва ўзімку. Прычынай гэтага з’яўляецца тое, што арганічная гаспадарка ў Беларусі толькі пачынае развівацца. Таму, калі вы набываеце ў нас ежу, вы падтрымліваеце не толькі нас, але і даеце надзею быць запатрабаванымі тым, хто толькі збіраецца станавіцца арганічным фермерам. Таму мы ўпэўненыя, што з вашай падтрымкай ужо ў бліжэйшы час зможам пашырыць асартымент якасных і карысных прадуктаў, як ад мясцовых арганічных гаспадарак, так і арганічных прадуктаў замежнага паходжання.

Гаспадаркі-ўдзельнікі

Кансорцыі маюць розную спецыялізацыю і розны памер, але ўсе мы адкрытыя да заўваг ці прапаноў як наконт асартыменту, так і якасці прадуктаў. Мы гатовыя пачуць вашыя водгукі і меркаванні наконт нашай працы як асабіста пры дастаўцы замоў (так, нашыя вытворцы могуць у якасці кур’ера даставіць замову вам дадому), так і праз старонку зваротнай сувязі. Мы з задавальненнем распавядзем вам пра асаблівасці нашай прадукцыі, тэхналогій яе вырошчвання, а таксама падзелімся рэцэптамі смачных страў.
 
Мы не хаваем сваіх вытворцаў, а ганарымся імі, а некаторых з іх вы ўжо добра ведаеце.
 
Так, Канстанцін Чычыра ў няпростых кліматычных умовах Дзяржынскага раёну паспяхова вырошчвае араматныя і салодкія суніцы, а смак ягоных пастэрнаку і цыбулі-парэю вядомы далёка за межамі сталіцы.
 
Алена Сідарава з’яўляецца гаспадыняй адзінай сертыфікаванай гаспадаркі ў Беларусі, дзе вырошчваецца садовая галубіка. Яшчэ Алена вырошчвае араматычныя травы, зерневыя культуры і трымае кур, таму, спадзяемся, у хуткім часе зможам прапанаваць вам і арганічныя курыныя яйкі.
 
Дзмітрый Лутаеў не так даўно заснаваў сваю арганічную гаспадарку ў Бярозаўскім раёне, а ягоныя цукровая кукуруза, салаты ды смакавітыя гарбузы ўжо здабылі сваё месца на сталах пакупнікоў.
 
Кожную з нашых гаспадарак вы можаце наведаць, каб паглядзець, як растуць прадукты, што трапляюць на ваш стол. Ва ўсякім разе, гэтых і іншых вытворцаў Кансорцыі аб’ядноўвае не толькі тое, што мы намагаемся вырошчваць арганічную садавіну і гародніну з найлепшым смакам, але і нашая ўпэўненасць, што з дапамогай арганічнага гаспадарання мы спрыяем захаванню біяразнастайнасці. Мы разумеем, што гэта складаная праца і вялікая адказнасць, таму для ўсіх нашых гаспадарак мы прапаноўваем суправаджэнне пры арганічнай сертыфікацыі, кансультуем па арганічных тэхналогіях, дапамагаем пры захоўванні і перепрацоўцы прадуктаў. 
 
Як даехаць